334

Журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева арыштаваная на два месяцы

20.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістцы «Белсата» Кацярыне Андрэевай прад'яўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Абраная мера стрымання: арышт на 2 месяцы (то бок да 20 студзеня 2021 года). Кацярына не прызнае сваю віну і цалкам адмаўляецца ад дачы паказанняў.

Сёння яе мусяць перавесці ў СІЗА Жодзіна.

Па месцы прапіскі Кацярыны, у яе сваякоў, быў праведзены ператрус, але там нічога не знайшлі і не канфіскавалі. Як адзначаецца ў пратаколе, «прыладаў і сродкаў здзяйснення злачынства, прадметаў і дакументаў, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы, не выяўлена».

Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада ў Мінску. 17 лістапада яе прызналі вінаватай у парушэнні арт. 23.34 і 23.4 КаАП ("удзел у масавых акцыях пратэсту" і "непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі"). Суддзя — Вольга Няборская.

Журналістка не змагла да суда нават азнаёміцца з пратаколам.

Вінаватай сябе не прызнала і абвінаваціла міліцыянтаў, што складалі пратакол, у ілжэсведчанні.

У судзе Кацярына расказала, што яе затрымлівалі ў кватэры, дзверы выламалі, забеглі каля 10 спецназаўцаў. Яны не тлумачылі нічога, проста сказалі, каб збіраліся і ішлі з імі. Гвалту падчас затрымання не было.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!