193

Жыхарку Оршы пакаралі "хіміяй" за паклёп на адрас старшыні выбарчай камісіі

04.05.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Аршанскага раёна і г. Оршы 26 красавіка асудзіў на адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу жыхарку горада Лідзію Папову за паклёп (арт. 188 КК) на адрас старшыні выбарчай камісіі Таццяны Аланцьевай, паведамляе сайт spring96.org.

Таксама суд прыйшоў да высновы, што публікацыя ў Тэлегарм-канале  не толькі абразіла гонар і годнасць старшыні ўчастковай камісіі па выбарах прэзідэнта, але і падрывае давер да выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь у цэлым.

Паводле абвінавачання, 9 снежня 2020 года Лідзія Папова знаходзілася дома і, маючы намер на распаўсюд заведама ілжывых звестах, якія ганьбяць Таццяну Аланцьеву, размясціла ў Тэлеграм-чаце "Орша 97%" публікацыю з фота і тэкстам, што утрымліваў не адпаведныя рэчаіснасці звесткі аб падпісанні апошняй пратаколу са сфальсіфікаванымі падлікамі галасоў выбаршчыкаў падчас выканання абавязкаў у якасці старшыні ўчастковай камісіі на выбарчым участку №33 г. Орша. У заключэнні эксперта пазначана, што размешчаныя звесткі ўтрымлівалі негатыўную інфармацыю ў дачыненні да Т. Аланцьевай, "выяўленую ў форме сцвярджэння аб факце, прыніжаючую аўтарытэт, гонар і годнасць асобы пацярпелай".

Сваімі дзеяннямі жанчына нанесла маральную шкоду старшыні выбарчай камісіі.

Лідзія Папова сваю віну не прызнала. Суду жанчына патлумачыла, што ў названы дзень знаходзілася ў гасцях у суседкі, а не дома; мабільны тэлефон, з дапамогай якога нібыта было здзейснена злачынства, належыць ёй, але пад названым нікнэймам у тэлеграм-канале яна ніколі не была зарэгістраваная. Хто размясціў публікацыю ў дачыненні да Таццяны Аланцьевай не ведае.

Аднак да гэтага, на допыце ў следчага, абвінавачаная казала, што была дома і скапіравала фота і апісальны тэкст аб пацярпелай з тэлеграм-канала "Усе парушэнні" і размясціла ў чаце "Орша 97%", бо давярала апублікаваным звесткам, а зганьбаваць гонар і годнасць Аланцьевай не хацела. У судзе Лідзія Папова сказала, што давала паказанні следчаму пад псіхалагічным ціскам.

Пацярпелая ў судзе распавяла, што ад калегаў ёй стала вядома аб размешчанай у тэлеграм-чаце інфармацыі, якая прыніжае яе гонар і годнасць. З-за таго, што інфармацыя стала даступная шырокаму колу асоб, адчувала маральныя пакуты. Яна звярнулася з заявай на імя начальніка Аршанскага УУС, у якім прасіла правесці праверку і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асобаў, якія размясцілі інфармацыю аб ёй як старшыні выбарчай камісіі. Грамадзянскага пазову аб кампенсацыі маральнай шкоды заяўлена не было.

На думку суда, сабраныя доказы па справе пацвярджаюць вінаватасць Лідзіі Паповай у здзяйсненні злачынства па арт. 188 КК. Суд перакананы, што абвінавачаная ўсведамляла, што распаўсюджвае інфармацыю, якая ганьбіць пацярпелую, і хацела гэта зрабіць.

"Абмяркоўваючы пытанне аб пакаранні, якое неабходна прызначыць абвінавачанай за зробленае, суд зыходзіць з таго, што ў выніку дзеянняў Паповай былі распаўсюджаныя заведама ілжывыя звесткі, якія не толькі абражаюць гонар і годнасць старшыні ўчастковай камісіі па выбарах прэзідэнта, але і падрываюць давер да выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь у цэлым", — гаворыцца ў прысудзе.

Суд палічыў, што, з улікам характару здзейсненага злачынства, грамадская небяспека якога заключаецца ў падрыве аўтарытэту дзяржаўнай улады ў грамадскай свядомасці шляхам распаўсюджвання загадзя ілжывых звестак, што ганьбяць гонар і годнасць, мэты крымінальнай адказнасці і пакарання будуць дасягнуты шляхам прызначэння Лідзіі Паповай пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў

Справу разглядала суддзя Юлія Вяршыніна, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў старшы памочнік пракурора Дзмітрый Варапаеў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!