505

Зміцер Казакевіч: “Мяне вызвалілі з СІЗА і павезлі дахаты рабіць ператрус”

15.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

З віцебскага СІЗА выйшлі на волю журналісты-фрылансеры Зміцер Казакевіч і Вячаслаў Лазараў. Пасля вызвалення з кватэры Казакевіча міліцыянты вынеслі аргтэхніку і нават флэшкі.

Суд прызнаў Казакевіча і Лазарава невінаватымі, хаця трое сутак яны правялі ў СІЗА

11 кастрычніка незалежныя журналісты амаль адначасова былі затрыманыя перад пачаткам мірнага пратэстнага шэсця ў Віцебску. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, Казакевіча вінавацілі ў актыўным ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а Лазарава — у пікетаванні.

Трое сутак абодва правялі пад вартай у СІЗА — гэта максімальны тэрмін, на які можна затрымліваць да суда за адміністрацыйнае правапарушэнне. (Паколькі віцебскі ізалятар часовага ўтрымання на рамонце, усіх затрыманых адвозяць у следчы ізалятар.)

14 кастрычніка ў Першамайскім райсудзе справы журналістаў разбіраў суддзя Міхаіл Юрчанка. Суд праходзіў дыстанцыйна праз Skype. Сваёй віны Лазараў і Казакевіч не прызналі: яны цвердзілі, што рыхтаваліся асвятляць падзеі мірнага шэсця, але іх затрымалі яшчэ да пачатку акцыі. Супраць журналістаў сведчылі два супрацоўнікі Першамайскага РАУС, прапаршчыкі Цітоў і Нікіфараў. У затрыманні журналістаў яны не ўдзельнічалі, а рапарты пра ўдзел у акцыі склалі з чужых слоў. Суддзя спыніў справы, не знайшоўшы ў дзеяннях  Казакевіча і Лазарава  складу правапарушэння.

Змітра Казакевіча пакаралі па іншым пратаколе — арыштам на трое сутак

Журналіст паведаміў, што 11 кастрычніка яму паведамілі пра распачатую супраць яго адміністрацыйную справу паводле падзей 6 верасня. Яму нават уручылі позву на 19 кастрычніка. Але за час ягонага знаходжання ў СІЗА міліцыянты справіліся хутчэй, чым меркавалі: справа апынулася ў судзе на 5 дзён раней.

Змітра Казакевіча звінавацілі ў тым, што 6 верасня, у адзін з момантаў шэсця, ён апынуўся ў натоўпе грамадзян, якія супрацьстаялі міліцыянтам. Суду былі прадстаўленыя аператыўныя відэаздымкі, паводле якіх суддзя Міхаіл Юрчанка  зрабіў выснову, што ў той момант журналіст браў непасрэдны ўдзел у акцыі. За гэта ён пакараў Змітра Казакевіча трыма суткамі арышту, якія той ужо адбыў з 11 кастрычніка. Хаця для прысутных, у тым ліку для праваабаронцаў, такое судовае рашэнне падалося дзіўным: трое сутак таму журналіста затрымалі абсалютна на іншай падставе, і трое сутак у СІЗА ён правёў у звязку з іншай акцыяй, а не з той, за якую яго пакаралі.

Цішком забралі з СІЗА і павезлі дахаты, каб перадаць следчым крымінальнага вышуку

Родныя і сябры паехалі сустракаць журналістаў з СІЗА, але вызвалення Змітра Казакевіча не дачакаліся.

— Мяне вывезлі на службовай машыне, сказаўшы, што завязуць дахаты. І ўжо ў дарозе паведамілі, што маюць загад перадаць мяне “іншым людзям”, з якімі мы “папьем кавы ў мяне дома”.

Як высветлілася, каля кватэры мяне ўжо чакалі следчыя з крымінальнага вышуку і суседзі, запрошаныя ў якасці панятых. Мне патлумачылі, што крымінальны вышук задзейнічалі “для падмацавання” і  паказалі пастанову на агляд кватэры. Пасля гэтага агляду з кватэры забралі два ноўтбукі, у тым ліку жончын — а гэта яе працоўны камп’ютар. Забралі таксама некалькі флэшак і два старыя працэсары, ужо даўно непрыдатныя для выкарыстання, — распавёў Зміцер Казакевіч.

Журналісту патлумачылі, што шукаюць доказаў парушэння арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), у прыватнасці, доказаў размяшчэння нейкіх матэрыялаў у тэлеграм-канале “Белсата”.

Змітра Казакевіча найбольш абурае тое, што яго і ягоную жонку пазбавілі магчымасці працаваць, забраўшы аргтэхніку на няпэўны тэрмін.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!