159

Чыноўніца пра "экстрэмізм" у кнізе пра націдэю: гэта службовая інфармацыя

06.04.2021 Крыніца: Еўрарадыё

Пратакол пасяджэння, на якім кнігу "Беларуская нацыянальная ідэя" прызналі экстрэмісцкай, гэта "службовая інфармацыя". На гэтым у размове з Еўрарадыё настойвае Вольга Тапдэмір, намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама. 4 сакавіка чыноўніца ўваходзіла ў Мінскую абласную экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, якая і дала заключэнне, што кніга змяшчае "прыкметы праяўлення экстрэмізму".

Еўрарадыё папрасіла азнаёміцца з заключэннем камісіі, каб даведацца, у чым менавіта знайшліся "прыкметы праяўлення экстрэмізму". Бо кніга складзена з інтэрв'ю, якія гучалі ў нашым эфіры. А мы выконваем беларускае заканадаўства, а значыць, для нас вельмі важна выкараніць любыя праявы экстрэмізму ў нашай працы!

"Па-першае, я не бачу, з кім я размаўляю, — я па тэлефоне ў прынцыпе ніякіх каментароў нікому не даю, — адказала Вольга Тапдэмір, калі мы папрасілі яе пераслаць нам заключэнне камісіі. — Па-другое, копію пратакола я вам не вышлю — гэта службовая інфармацыя".

Еўрарадыё: Дык у чым менавіта вы знайшлі "прыкметы экстрэмізму"? Вам не спадабалася вокладка або канкрэтная цытата?

"Гэта пытанні не да мяне. З гэтым ужо будуць разбірацца іншыя службы і арганізацыі", — сказала чыноўніца перад тым, як пакласці трубку.

Кніга "Беларуская нацыянальная ідэя" выйшла з друку ў 2020 годзе. Яна складаецца з 85 інтэрв'ю ў рамках праграмы "Ідэя Х" на Еўрарадыё. Вядучыя праграмы Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў спрабавалі высветліць, якая яна — нацыянальная ідэя Беларусі — і ці ёсць яна наогул.

Да нядаўняга часу выданне можна было свабодна набыць у "Акадэмкнізе" і іншых крамах, а таксама анлайн. У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, апублікаваным на сайце Міністэрства інфармацыі, кнігі "Беларуская нацыянальная ідэя" пакуль няма. Аднак жыхара Ждановічаў, падчас ператрусу ў якога знайшлі гэту кнігу, ужо судзілі за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Таксама ў Беларусі нядаўна прызналі экстрэмісцкай кнігу "Беларускі Данбас", якую выдалі ва Украіне журналісты "Белсата" Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!