225

Карэспандэнту “Газеты Слонімскай” Язэпу Палубятку вярнулі ў міліцыі забраную раней тэхніку

06.04.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Карэспандэнт “ГС” на Мастоўшчыне Язэп Палубятка 6 красавіка забраў з Мастоўскага РАУС сістэмны блок камп'ютара, сканэр, фотаапарат і мабільны тэлефон, вынятыя міліцыяй падчас ператрусу ў сувязі з адмністрацыйнай справай.

— Сёння мне вярнулі забраную 22 сакавіка тэхніку, якая была гарантам аплаты мной штрафу. А вось астатняе не аддалі. Сцяг, партыйныя часопісы і дакументы, міліцэйскія шаўроны пачатку 1990-х гадоў,  дзве флэшкі з маімі літаратурнымі творамі і чарнавікамі, яшчэ нешта засталося ў міліцыі.  Каб гэта ўсё вярнуць, цяпер патрэбна звяртацца з заявай у Гродзенскі абласны суд праз суд Мастоўскага раёна. Такая працэдура. Сёння спецыяліст праверыць, у якім стане вярнулі тэхніку, і можна будзе працаваць далей, — расказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Язэп Палубятка.

Нагадаем, што суд Мастоўскага раёна 25 сакавіка аштрафаваў Язэпа Палубятку на 15 базавых велічынь за адзіночны пікет паводле артыкула 24.23 КаАП — за бел-чырвона-белы сцяг і ружу на падваконніку ў яго кватэры. Да суда Палубятку трое сутак трымалі ў міліцыі за кратамі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!