225

Магілёўца арыштавалі на сем сутак за перапост відэа з лагатыпам забароненага ў Беларусі тэлеграм-канала

30.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

У Магілёве 30 сакавіка суд пакараў актывіста Таварыства беларускай мовы Анатоля Прасаловіча сям’ю суткамі арышту. Падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў перапост ў Facebook відэароліка з лагатыпам тэлеграм-канала, які ў Беларусі ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Рашэнне аб пакаранні Прасаловіча арыштам прыняла суддзя Ленінскага раённнага суда Магілёва Таццяна Касцюк.

Згодна з матэрыяламі справы, Прасаловіч размясціў відэасюжэт ў сваім акаўнце ў Facebook, узяўшы яго ў іншага карыстальніка. У сюжэце распавядалася пра тое, як беларуская дыяспара ў Японіі зладзіла выставу, прысвечаную пратэстнаму руху ў Беларусі. Відэасюжэт пра гэтую падзею першапачаткова быў размешчаны ў папулярным телеграм-канале, які ўвосень 2020 года  ўлады прызналі экстрэмісцкім. У відэа захаваўся лагатып телеграм-канала, які знікаў з пачаткам прагляду.

Разгляд адміністрацыйнай справы адбываўся па відэасувязі. Прасаловіч тлумачыў суддзі, што ведае пра тое, што дадзены телеграм-канал унесены ў спіс экстрэмісцкіх, і калі б бачыў лагатып, то ніколі б не размяшчаў яго ў сваім акаўнце. Лагатыпа папросту не было відаць, даводзіў абвінавачаны.

Таксама Прасаловіч казаў, што раскайваецца ў правапарушэнні, і прасіў не караць яго арыштам, абяцаў выплаціць штраф. Нягледзячы на гэта, суддзя Касцюк пакарала актывіста ТБМ на сем сутак арышту.

Анатоля Прасаловіча затрымалі ў Магілёве 27 сакавіка і да суда ўтрымлівалі ў ізалятары.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!