255

Магілёўскага журналіста выклікалі ў міліцыю ў якасці сведкі па крымінальнай справе

14.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сам Уладзімір Лапцэвіч лічыць, што гэта была своеасаблівая спроба ціску і псіхалагічнага ўздеяння.

Раніцай 13 студзеня ў кватэру журналіста “Магілёўскага рэгіёна” Уладзіміра Лапцэвіча прыйшоў супрацоўнік міліцыі. Ён пад подпіс уручыў журналісту позву пра неабходнасць явіцца ў гэты ж дзень аб 11-ай у Ленінскі РАУС Магілёва “ў якасці сведкі па крымінальнай справе”.

На сустрэчу ў РАУС журналіст пайшоў разам са сваім адвакатам. У райаддзеле Лапцэвіча па чарзе апыталі адразу ў двух кабінетах. Паводле  журналіста, фармальнай нагодай для яго выкліку ў міліцыю паслужыла крымінальная справа па факце нанясення шкоды асабістым аўтамабілям супрацоўнікаў міліцыі і раскіданым "шыпам" каля Магілёўскага РАУС і ў мікрараёне Юбілейны ў лістападзе 2020 года.

Міліцыянтаў цікавіліся, “ці ўдзельнічае Лапцэвіч у экстрэмісцкіх групах”. Калі журналіст папрасіў патлумачыць, што гэта за групы, высветлілася, што іх цікавяць нейкія групы ў сацыяльных сетках. Журналіста завялі ў іншы кабінет, там яго папрасілі паказаць тэлефон. Праваахоўнікі агледзелі тэлефон, перапісалі яго IMEI, праверылі кантакты ў сацыяльных сетках і месенджарах. Пасля агляду апарат вярнулі ўладальніку.

Лапцэвіч лічыць, што выклік яго ў якасці сведкі па незразумелай  крымінальнай справе — для адводу вачэй. Пра гэта сведчыць тое, што ён пражывае далёка ад месцаў меркаваных здарэнняў, тым не менш, праваахоўнікам тэрмінова спатрэбілася яго апытаць. Спачатку супрацоўнік міліцыі нават памыліўся, сказаўшы, што меркаваныя здарэнні, паводле якіх распачатая крымінальная справа, адбыліся ў верасні 2020 года.

Сапраўдная прычына выкліку ў міліцыю — прагляд кантактаў у тэлефоне і перапіскі ў сацыяльных сетках і месенджарах, мяркуе журналіст.

Уладзімір Лапцэвіч распавёў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”, што ў РАУС ён бачыў многа людзей, у якіх супрацоўнікі міліцыі таксама праглядалі тэлефоны ў межах той жа крымінальнай справы. Усе гэтыя людзі раней прыцягваліся паводле арт. 23.34 КаАП РБ за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Магілёве.

Сам Лапцэвіч прысутнічаў на акцыях пратэсту толькі ў якасці журналіста, за што і быў затрыманы.

Журналіст адзначыў, што падчас гутаркі адзін з міліцыянтаў прагаварыўся, што апытваюць і правяраюць тэлефоны ў тых людзей, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, і тых, «хто апазіцыйна настроены». Лапцэвіч лічыць, што такія дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РАУС можна расцаніць як палітычны пераслед людзей, якія крытычна ставяцца да дзеючай улады.

Паводле інфармацыі службы маніторынгу ГА “БАЖ”, на мінулым тыдні супрацоўнікі Следчага камітэта таксама настойліва спрабавалі высветліць месцазнаходжанне галоўнага рэдактара “Магілёўскага рэгіёна” Змітра Салаўёва з мэтай “сустрэцца і пагутарыць”. Чым выклікана такая неабходнасць, сваякам Салаўёва патлумачыць адмовіліся.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!