312

Мінінфам не бачыць парушэнняў у перадачы Мукавозчыка з заклікамі да гвалту

19.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст Максім Несцяркоў звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі з нагоды заклікаў да гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў у тэлефельетоне “Накипело” Андрэя Мукавозчыка на канале "Сталічнае тэлебачанне", а таксама ў публікацыі ў Тэлеграм-канале “SB.BY Беларусь сегодня”, дзе гаворыцца пра “ангажаваных празаходніх прапагандыстаў з ТУТ.бай”.  

Несцяркоў прасіў разгледзець гэтыя публікацыі на прадмет парушэння заканадаўства. У Міністэрстве інфармацыі зварот разгледзелі і адказалі на яго.

Зварот Максіма Несцяркова тычыўся публікацыі ў Тэлеграм-канале “SB.BY Беларусь сегодня”.

У Міністэрства інфармацыі мяркуюць, што “тэкст з тэлеграм-канала не змяшчае якіхсьці фраз і слоў, якія ганьбяць інтэрнэт-рэсурс, які належыць ТАА «Тут Бай Медыя», а тым больш якія выстаўляюць яго ў непрывабным свеце ў вачах іншых журналістаў або грамадскасці.

Паведамленне пра тое, што хтосьці выказаў у адрас tut.by «все, что о них думают белорусы» носіць інфармацыйны, а не ацэначны характар.

Выкарыстанне ж слоў «ангажированным прозападным пропагандистам» варта расцэньваць як тое, што публікацыі, якія размяшчаюцца на інтэрнэт-партале tut.by, у большасці накіраваныя на актыўнае распаўсюджванне сярод наведвальнікаў партала празаходніх каштоўнасцей і ідэй, ладу жыцця, культуры і іншае”.

Парушэнняў прафесійнай этыкі няма.

А гэта тэлефельетон Андрэя Мукавочыка, ён быў паказаны 17 кастрычніка 2020 года ў тэлеперадачы «Новости «24 часа». У сюжэце, сярод іншага, гучыць фраза пасля апісанняў меркаванага гвалту над тымі, хто блакуе дарогі, “давайте, мужики, за нас это никто не сделает”.

У Мінінфармацыі мяркуюць, што “А. Мукавозчыкам было выказана меркаванне ў межах артыкула 34 Закона аб СМІ.

Звяртаем увагу, што ў адпаведнасці з падпунктам 2.5 пункта 2 дадзенай нормы Закона, у сувязі з ажыццяўленнем прафесiйных абавязкаў журналiст сродку масавай iнфармацыi мае права, у прыватнасці, выказваць сваё асабістае меркаванне па iнфармацыйных паведамленнях i (або) матэрыялах, прызначаных для распаўсюджвання.

Акрамя таго, Міністэрства інфармацыі не мае дакладных звестак ад кампетэнтных органаў адносна наяўнасці ў дадзеным сюжэце інфармацыі, якая парушае патрабаванні падпункта 1.3 пункта 1 артыкула 38 Закона аб СМІ (пра што ідзе размова ў Вашым звароце)”.

Падпункт 1.3 арт. 38 Закона аб СМІ гучыць так: 1. У сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд:

1.3. інфармацыі, накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмiсцкай дзейнасцi або той, што змяшчае заклікі да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, у тым ліку якая прапагандуе або якая падахвочвае да самагубства, іншай інфармацыі, распаўсюд якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забаронены гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

“У гэтай сувязі падстаў для прымянення якіх-небудзь мер рэагавання, прадугледжаных Законам аб СМІ, у дачыненні да ВД «Беларусь сегодня» і ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» не маецца”, — рэзюмуецца ў адказе Міністэрства інфармацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!