226

Мінінфарм выдзеліў шмат грошай на даследаванне пра інфармацыйную вайну

11.01.2021 Крыніца: "Еўрарадыё"

Міністэрства інфармацыі Беларусі выдаткавала 40 тысяч рублёў на даследаванне пра барацьбу з "дэструктыўным кантэнтам". Навуковая работа па тэме "Распрацоўка навукова-практычных рэкамендацый і інструментаў эфектыўнага процідзеяння распаўсюджванню дэструктыўнага інфармацыйнага кантэнту ў сучасных умовах" была заказана ў жніўні 2020 года.

Які менавіта кантэнт чыноўнікі ацэньвалі як "дэструктыўны", у тэндарных дакументах не сказана. Але прадстаўнікі ўладаў неаднаразова выказваліся ў такім ключы пра кантэнт з тэлеграм-каналаў і незалежных СМІ. Аказваецца, процідзеянне яго распаўсюджванню — не толькі клапотная, але і прыбытковая справа. Для тых, хто праводзіў даследаванне.

Тэндар выйграў Белдзяржуніверсітэт. Як вынікае з тэхзадання, гэта была праца, хутчэй, не для журфака, а для факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Сярод пастаўленых задач — параўнанне канцэпцый інфармацыйнага грамадства, апытанне экспертаў, аналіз выніковых выпускаў навін на тэлебачанні, правядзенне фокус-груп. Яшчэ пераможца тэндара павінен быў да канца снежня правесці "масавае апытанне насельніцтва" — не толькі па "праблемах функцыянавання інфармацыйнага поля", але таксама па "электаральных устаноўках і каштоўнасных арыентацыях".

Па завяршэнні абодвух этапаў даследавання навукоўцы павінны падрыхтаваць свае рэкамендацыі па больш якаснай рабоце "вядучых СМІ" — гэта значыць дзяржаўных медыя.

На жаль, пра вынікі даследавання нам — тым, за чые падаткі праводзілася закупка, — наўрад ці раскажуць. Асобным пунктам у падпісаным дагаворы ідзе канфідэнцыяльнасць.

Выдаткаваныя на даследаванне 40 тысяч рублёў — сума сярэдніх заробкаў сярэднестатыстычнага беларускага навукоўца за два гады. Калі ж лічыць па сферы адукацыі — то і зусім больш чым за тры.

Тады ж, у жніўні, Мінінфарм хацеў выдзеліць 30 тысяч рублёў і на выпрацоўку рэкамендацый для больш эфектыўнай работы рэгіянальных дзяржаўных СМІ. Але гэты тэндар прызнаны такім, які не адбыўся.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!