1429

На 64-м годзе памёр пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў. У яго быў каранавірус

21.07.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Разьвітаньне з творцам пройдзе 22 ліпеня ў будынку менскага крэматорыю.

Як паведаміла Свабодзе Раіса Сіўчыкава, пазьней іх дачка зробіць абвестку ў сацыяльных сетках аб прычынах сьмерці і магчымасьці разьвітацца зь нябожчыкам. Але вялікага збору людзей сям’я хацела б унікнуць, жалобная цырымонія ў менскім крэматорыі заплянаваная ў вузкім коле.

Паводле ягонага калегі Алеся Аркуша, да таго Ўладзімер Сіўчыкаў наракаў, што вельмі цяжка перажыў каранавірус, бо мае цукровіцу. Яму надзвычай цяжка было перасоўвацца, быў агульны кепскі стан.

Уладзімер Сіўчыкаў нарадзіўся 3 траўня 1958 году ў Жодзіне. Пісьменьнік, перакладнік, мастак, выдавец.

Скончыў пэдагагічнае аддзяленьне Менскай мастацкай вучэльні. Працаваў настаўнікам маляваньня і крэсьленьня ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёну.

Пасьля службы ў войску быў мастаком-афармляльнікам у Менскім палацы чыгуначнікаў. У 1981 годзе паступіў на філялягічны факультэт БДУ, удзельнічаў у згуртаваньні «Беларуская Майстроўня». Падчас вучобы праходзіў стаж у Тбіліскім дзяржаўным унівэрсытэце, вывучаў грузінскую мову і літаратуру.

Пасьля атрыманьня дыплёму працаваў рэдактарам аддзелу літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром часопіса для дзяцей і падлеткаў «Бярозка». З 1990 году — прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага раману, з 1994-га — дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс». З пачатку нулявых як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай.

Удзельнік літаратурна-грамадзкага таварыства «Тутэйшыя», сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-Цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У друку выступаў з 1982 году. Аўтар кніг апавяданьняў і п’ес «Гульня ў тастамант», кніг прозы «Лісты да брата», «Бювар», «Уладзевы гісторыі», кнігі паэзіі «Высакосны год», кніг вершаў дзецям «Кошык Велікодны», «Багоўка».

Укладальнік і адзін з аўтараў альбомаў «Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова», а таксама «Рыцары Пагоні і Арла». Укладальнік зборнікаў дэтэктываў «Кінжал з крыламі» і «Карона Вітаўта Вялікага».

У перакладзе Ўладзімера Сіўчыкава з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Надара Думбадзэ «Закон вечнасьці», шэраг вершаў і паэмаў у «Анталёгіі грузінскай паэзіі» ў 2 тамах.

Аўтар творчых партрэтаў беларускіх і замежных мастакоў — Вінцэнта Ван Гога, Язэпа Драздовіча, Аляксея Марачкіна, Івана Міско, Ігара Рымашэўскага і іншых.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!