245

Ператрусы ў незалежных журналістаў Гомеля і Рэчыцы

16.07.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гомелі  сілавікі 16 ліпеня ўчынілі вобшукі ў некалькіх  незалежных журналістаў.  У прыватнасці, дома ў  сябра ГА "БАЖ" Ларысы Шчыраковай прайшоў ператрус з удзелам  супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. У яе забралі кампутарную тэхніку і мабільны тэлефон.  Потым Шчыракову дапыталі ў рэгіянальным  упраўленні ГУБАЗіКа. Калі  з'явілася магчымасць, журналістка паведаміла ў Facebook, каб сябры выдалялі ліставанні з ёй са сваіх гаджэтаў.

Журналістку Шчыракову шмат разоў затрымлівалі і штрафавалі за нібыта незаконны збор і распаўсюд інфармацыі, асабліва калі рэпартаж ці апытанка з'яўляліся на спадарожнікавым тэлеканале "Белсат",  які транслюе перадачы з Польшчы.

Апошні штраф (870 рублёў) журналістка  атрымала ў чэрвені за апытанне жыхароў Гомеля на тэму: "Хто ці што спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі?".

Ператрус 15 ліпеня прыйшоў і ў кватэры сябра ГА "БАЖ" Яўгена Меркіса — у яго таксама забралі кампутары, мабільнікі, носьбіты інфармацыі і ўсё, як кажа Яўген, што звязана з гістарычным нацыянальным гербам "Пагоня" — налепкі і т.п. Займаліся ўсім зноў-такі мясцовыя супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яўген на волі, раіць калегам не вешаць носа.

Сёлета гэта другі вобшук у спадара Меркіса. Двойчы сілавікі рабілі ператрус у гэтым годзе і ў Анатоля Гатоўчыца, аднаго са старэйшых журналістаў Гомеля. Апошні раз — 9 ліпеня.

У Рэчыцы 16 ліпеня супрацоўнікі мясцовага аддзела КДБ затрымалі незалежнага журналіста Андрэя Мядзведзева. Неўзабаве ў сеціва было выкладзена відэа з так званымі прызнаннямі пра "дэструктыўную дзейнасць". Гэтаму папярэднічалі два ператрусы — у самога Андрэя і яго сваякоў. Забралі кампутар і мабільнік. Узялі падпіску аб неразгалошванні. Увечары Андрэя адпусцілі.

Шукала міліцыя і цяперашняга кіраўніка Гомельскай філіі  ГА "БАЖ" Міколу Бянько.

"Тэлефанавалі з АБЭЗ, пыталіся пра месцазнаходжанне, хоць я ні ад кога не хаваўся.  Падчас тэлефоннай размовы патрабаваў назвацца, а таксама даслаць позву з указаннем майго працэсуальнага статуса. У той жа самы час міліцыя прыходзіла да бацькоў маёй жонкі, дзе мы не жывём ужо з дзесятак гадоў. Распытвалі пра маю працу ды БАЖ", — кажа Мікола.

Стала вядома таксама, што напярэдадні сілавікі прыходзілі да сваякоў гомельскіх сяброў ГА "БАЖ" Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна — самі яны зараз за межамі Беларусі.                                       

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!