220

Працягваецца пераслед глыбоцкага журналіста Змітра Лупача

23.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў Сюжэт: 22.9 КоАП

У Глыбокім склалі чарговы адміністрацыйны пратакол у дачыненні журналіста-фрылансера Змітра Лупача за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

Якраз у той дзень, калі ў Паставах суд спыніў справу Змітра Лупача, маёр міліцыі Сяргей Цырбан позна ўвечары выклікаў журналіста ў Глыбоцкі РАУС. Міліцыянт уручыў дакумент, у якім паведамлялася, што 18 лютага падрыхтоўка справы аб адміністрацыйным парушэнні паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП у дачыненні Змітра Лупача завершаная. Як кажа Зміцер, такую паперу ён атрымаў упершыню.

Маёр Сяргей Цырбан склаў на журналіста адпаведны пратакол. Змітра Лупача абвінавачваюць у тым, што ён, не маючы акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта якога-небудзь замежнага СМІ, узяў інтэрв’ю ў двух глыбачанак каля тэрыторыі Глыбоцкага аграсервіса. Потым, паводле пратакола, яго апрацаваў і прадаставіў для YouTube-канала “Белсат”. Гэтым, на думку міліцыі, ён парушыў арт. 35 Закона аб СМІ — незаконна вырабіў прадукцыю сродку масавай інфармацыі.

Журналіст не пагадзіўся з пратаколам і не прызнаў сваю віну.

Зміцер Лупач запытаўся ў міліцыянта пра позні час выкліку ў міліцыю (гэта было недзе каля 19.30 гадзін), зазначыў, што можна было б выклікаць і ранкам наступнага дня. На што маёр Цырбан адказаў, што лепш раней, чым пазней.

Як кажа глыбоцкі журналіст, пераслед працягваецца, і гэта, напэўна, не апошняя справа, распачатая ў дачыненні да яго ў гэтым месяцы. Як паведамілі Змітру знаёмыя з Шаркаўшчыны, мясцовыя міліцыянты і там ужо апытваюць людзей, якіх ён запісваў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!