796

Рэдакцыя "Звязды" патрабуе адмены цэнзуры

18.08.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Раніцай 18 жніўня стала вядома, што цяперашні рэдактар "Звязды" Павел Сухарукаў звольнены. На яго месца прызначылі экс-міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча.

Прыкладна а 12-й  дня гэтую інфармацыю абвергі: магчыма, ранейшае рашэнне было адменена.

Журналісты "Звязды" рыхтуюць адкрыты ліст з нагоды сітуацыі, якая склалася ў краіне і ў выданні. Таксама рыхтуецца страйк.

У старэйшай беларускай газеце "Звязда" супрацоўнікі патрабуюць нармальных умоў працы — без цэнзуры, магчымасці ўсебакова асвятляць падзеі, якія цяпер адбываюцца ў краіне.

Супакойваць журналістаў прыехала Начальніца галоўнана ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Шпілеўская.  Яна пераконвала журналістаў "Звязды", што тыя самі да канца не разумеюць сітуацыю ў краіне.

18 жніўня журналістка "Звязды" Ірэна Кацяловіч напісала: "Учора мая "Звязда" абвясціла кіраўніцтву, што хоча сумленна асвятляць падзеі ў краіне, такі сабе байкот. У рэдакцыю прыехаў міністр інфармацыі, потым ідэалагіня з Адміністрацыі прэзідэнта. А сёння звольнілі галоўнага рэдактара. Калектыў піша зварот да міністэрства і звальняецца ўслед".

"Звязда" — адзіная дзяржаўная рэспубліканская штодзённая грамадска-палітычная беларускамоўная газета Беларусі. "Звязда" —  старэйшая газета Беларусі, якая выдаецца ўжо больш за стагоддзе. Яе першы нумар выйшаў у свет яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі — 9 жніўня 1917 года.

Штодзённы наклад — каля 20.000 асобнікаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!