198

Смаргонь: два гады “хатняй хіміі” за абразу Прэзідэнта РБ

14.01.2021 Крыніца: spring96.org Сюжэт: Дыфамацыя

У судзе Смаргонскага раёна  6 студзеня вынесены  прысуд па крымінальнай справе 19-ці гадовага мясцовага жыхара Іллі Вайткевіча. Яго абвінавацілі ў публічнай абразе Прэзідэнта Беларусі па ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Суд Смаргонскага раёна

Справу разглядаў суддзя Сяргей Балондзь, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор А. Клышэвіч.

Следствам было ўстаноўлена, што Ілля Вайткевіч, знаходзячыся на самаізаляцыі, размясціў 28 жніўня ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ў групе “Нетыповы Астравец” каментарый, у якім дапусціў, згодна вывадам экспертызы, негатыўную ацэнку прэзідэнта РБ, напісаўшы сярод іншага, што ён “гаў...” і “кончаны...”.

Каментарый пры гэтам праглядзела не меней за 1 500 карыстальнікаў.

На судзе Вайткевіч патлумачыў свае дзеянні эмоцыямі і нястрыманасцю і раскаяўся ва ўчыненым.

Суд улічыў малады ўзрост абвінавачанага, прызнанне віны і раскаянне, а таксама тое, што Ілля раней быў несудзімы.

Суддзя Сяргей Балондзь пастанавіў прызнаць Іллю Вайткевіча вінаватым і вынес пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.

Мабільны тэлефон “Honor” як сродак здзяйснення злачынства, канфіскаваны ў даход дзяржавы.

У апошні час у абразе прэзідэнта абвінавачваюць усё болей і болей людзей. Так, у апошні дзнь 2020 года 31 снежня стала вядома, што карэспандэнту сайта "Першы Рэгіён” Сяргею Гардзіевічу прад'яўлена абвінавачванне па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса РБ (“абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!