427

«Мы ўсё роўна выйдзем». Зьняволеныя журналісткі Андрэева і Чульцова распавялі пра свой побыт у калёніі

30.06.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Асуджаныя на 2 гады пазбаўленьня волі журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі ўжо 226 дзён. Нядаўна ад Дар’і прыйшоў ліст з Гомельскай калёніі, а Кацярына змагла патэлефанаваць родным у Менск.

«Каця цяпер піша мала, свабоднага часу амаль няма. Прасіла выбачацца перад усімі, хто ёй дасылае лісты ў калёнію — яна іх атрымлівае, чытае, але не заўсёды мае час нешта напісаць. Абяцае адказваць паступова», — расказаў Свабодзе муж Кацярыны Андрэевай, журналіст Ігар Ільяш.

Па яго словах, Кацярына захоўвае бадзёры настрой, не губляе аптымізму.

«На здароўе ня скардзіцца, адчувае сябе нармальна, хаця сьпякоту, канешне, цяжка перажывала. Пры гэтым кажа, што менавіта бытавыя ўмовы ў калёніі істотна лепшыя, чым у турме Жодзіны і на Валадарцы ў Менску».

Ігар Ільяш таксама паведаміў, што яго жонцы ўжо двойчы дазвалялі патэлефанаваць родным.

«Адзін званок быў мне, другі — бацьку. Гэта былі кароткія размовы 5-7 хвілінаў, — кажа Ігар. — Размова выйшла хаатычная: часу вельмі мала і не пасьпяваеш адразу зразумець, што перш за ўсё трэба спытаць ці сказаць».

Ёсьць навіны і ад Дар’і Чульцовай. Яе маці Натальля Церабіленка апублікавала лісты ад дачкі на сваёй старонцы ў Фэйсбук. У адным зь іх Дар’я падкрэсьлівае, што да гэтага моманту не шкадуе аб тым, што 15 лістапада, калі сілавікі разганялі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску, яна вырашыла працягваць выконваць сваю працу:

«Гэта ж маё рашэньне было. Я магла і не працаваць, але я хацела. І як бы ні было, я рада, што працую там дзе працую... З Кацяй наогул супэр каманда была. Усё супэр, ніхто (амаль) не вінаваты ў тым, што мы цяпер тут. Да таго ж, у выніку мы ўсё роўна выйдзем».

Дарʼя піша, што вельмі сумуе па родных і знаёмых.

«І я моцна абдымаю і вельмі сумую, — піша Дар’я. — Шчочкі сказалі, што сышлі. Дакладней мне сказалі, што сышлі, хоць я думаю, што не да канца».

Журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх затрымалі ў кватэры на «плошчы Пераменаў» у Менску, адкуль яны вялі стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, унутр забеглі спэцназаўцы.

Спачатку іх асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Потым іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. 18 лютага ім прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!