404

«Амапавец адну нагу паставіў мне на рэбры, другой прыціснуў маю нагу». Дзмітрый Дзмітрыеў — пра затрыманне і арышт

13.11.2020 Крыніца: Аксана Колб, "Новы Час"

Фотакарэспандэнта «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева затрымалі каля 15 гадзін 1 лістапада. Ён працаваў на маршы. Фіксаваў усё, што адбывалася, у тым ліку брутальныя затрыманні мірных грамадзян. Яго збілі і адвезлі ў Партызанскі РУУС. Пасля далі 10 сутак.

Затрыманне

— Напэўна, гэта здымак і стаў сігналам для затрымання, — мяркуе Дзмітрый. — Я стаяў на ўзгорку ля прыпынку «Абсерваторыя», здымаў, як разганялі і затрымлівалі людзей. І не заўважыў, як да мяне таксама наблізіліся. Адчуў моцны ўдар па галаве збоку. Упаў. Пачуў: «Мордой вниз! Руки за спину! Встать!». Мяне пацягнулі ў бусік. На маю заўвагу, што я журналіст, сказалі, маўляў, там разбяруцца.

Скручваў Дзіму не АМАП, а, як ён змог апазнаць, чальцы брыгады з Мар’інай Горкі. А вось у бусіку ўжо сустрэў АМАП. Гасцінна:

—  Я адразу атрымаў пару разоў дручком, у тым ліку па галаве. Нехта ў балаклаве гаркнуў: «Мордой под сидение. Ноги убрать, а то сейчас ломаю». Я не пярэчыў, бо ведаў, сабе даражэй, і стараўся сапраўды ўціснуцца пад сядзенне. Але ўсё роўна атрымаў некалькі ўдараў рукамі. Пачуў крык: «Здымай рэмень». Мне звязалі рукі за спінай уласным рамнём. Што ў дадзеным выпадку лепш, чым сцяжкай. «А чаму не сцяжкай, у нас жа іх шмат?» — запытаўся адзін з іх. «Сцяжкі яшчэ спатрэбяцца», — сказаў нехта ў адказ. Сапраўды, хутка ў бусік напіхалі людзей. Сцяжкі спатрэбіліся.

Нехта з іх сеў зверху. Адну нагу ўтыкнуў мне ў рэбры. Другой моцна прыціснуў нагу. Гаркнуў: «Дзе тэлефон?» «У левай кішэні», кажу. Дасталі, а тэлефон у мяне быў звычайны, кнопачны. «У, сссука!», — пачуў я і зноў адчуў моцны ўдар па галаве. Я зноў паспрабаваў растлумачыць, што журналіст, і гэта мая праца. «Журналіст?» — зноў удар, гэтым разам у сківіцу.

Пасля бусіка Дзмітрыя перагрузілі ў «стакан» аўтазаку, дзе ўжо быў затрыманы. Калі аўтазак назбіраў дастаткова людзей, павезлі ў РУУС.

— Было зразумела, што павязуць ці ў Партызанскае РУУС ці ў Завадское. Нейкі час яны вагаліся, куды везці, але ў выніку прывезлі ў Партызанскі. У самім РУУС было, можна сказаць, нармальна. Нас выводзілі папаліць, у прыбіральню. Я папрасіў паведаміць у прэс-цэнтр ГУУС, што журналіст. Праз пэўны час мне паведамілі, што прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч сказала разбірацца з журналістамі на агульных умовах. У выніку на мяне склалі два пратаколы па арт. 23.34. ч.1 і 23.4. А таксама следчы ўручыў мне пастанову аб тым, што я з’яўляюся падазраваным па крымінальнай справе па арт. 342. ч.1 (у межах гэтай справы да Дзмітрыя 13 лістапада прыходзілі з ператрусам — рэд.).

Дзіма расказаў пра цікавы выпадак. Разам з ім у Партызанскае РУУС прывезлі маладога хлопца. Як і ўсіх, пачалі пытацца, дзе працуе. «Навукова-тэхнічны цэнтр КДБ», — адказаў хлопец. Як кажуць, нямая сцэна. Вельмі хутка прыехалі камітэтчыкі і забралі хлопца. Але праз 2 гадзіны прывезлі назад. У выніку так сталася, што хлопец ад пятніцы, аказваецца, ужо не быў работнікам НТЦ КДБ.

Позна вечарам Дзмітрыя і іншых затрыманых павезлі ў ЦІП на Акрэсціна.

 

Суд і бар «23.34»

Гэта была не першая «паездка» Дзмітрыева на Акрэсціна. Першы раз ён туды трапіў 9 жніўня з выбарчага ўчастка. Прайшоў тады шмат чаго, як і ўсе, хто быў там у гэтыя жнівеньскія дні. Але Дзіма кажа, што страху не было і цяжкія ўспаміны не накрылі. Акрамя таго, умовы ўтрымання цяпер значна адрозніваліся.

На працягу 10 сутак ён паспеў пасядзець у некалькіх розных камерах. У тым ліку пару дзён з нейкім дзедам, аўтарытэтам, як ён прадстаўляўся. Хаця хутчэй за ўсё, па меркаванню Дзімы, ён быў падсадным стукачом. «Аўтарытэт» нават сказаў, што ён таксама палітычны, бо ўзялі яго за распаўсюд улётак. Што цікава, менавіта ў гэтыя некалькі дзён і «дзеда» і ўсю камеру нават вадзілі на прагулкі. Камера мела прывілею самастойна адчыняць і зачыняць фортку і яшчэ нешта па дробязях. «Дзед» спрабаваў разгаварыць сукамернікаў, аднак безвынікова. Відаць, таму яго хутка прыбралі.

— Наогул, я там пазнаёміўся з вельмі прыстойнымі людзьмі. Са мной сядзелі айцішнікі, бізнесоўцы, інжынеры, дактары, студэнты. Мы шмат размаўлялі, гулялі ў шашкі і нарды з хлеба, чыталі ўслых кнігі. І нават прыдумалі канцэпцыю будучага бара. Мы вырашылі назваць яго «23.34». Афіцыянты там будуць у балаклавах, а памер «чаявых» будзе роўны суткаваму ўтрыманню ў ЦІП. Мы прыдумлялі водгук на наш гатэль «Акрэсціна», які б напісалі на букінгу. «Вінтажная мэбля, высокая малекулярная кухня, строгі адбор толькі самых лепшых кліентаў, арт-стаматалогія, рынапластыка і масаж, магчымасць працягу адпачынку… Карацей, крэатыву ў нас хапала. Наверсе была жаночая камера, дзяўчаты спявалі. Мы перастукваліся. Стукам мы маглі сказаць і «Жыве Беларусь» і «Лукашэнку ў аўтазак».

Быў, кажа Дзмітрый, адзін старшы прапаршчык, які, каб яму далі волю, адарваўся б. І які на любую просьбу казаў: «Вы ведалі, куды ехалі». Дарэчы, казалі, што на Акрэсціна цяпер працуюць не мінскія ахоўнікі, з рэгіёнаў. А мінскіх адправілі ў рэгіёны. Магчыма, і так. Бо Дзіма казаў, што яны некалькі разоў бачылі, як пасля змены ахоўнікаў чакаў аўтобус.

І хаця было пару дзён, калі ў камеры на 6 месцаў сядзелі 11 чалавек (гэта пасля маршу 8 лістапада насельнікаў ЦІП ушчыльнілі), усё роўна, па меркаванні Дзмітрыя, умовы былі прымальныя. Дарэчы, двое сутак Дзіма сядзеў у адной камеры з другім фотакорам НЧ Аляксандрам Зяньковічам, якога пасля звезлі ў Жодзіна

Асобная тэма, канечне, суды, якія праходзілі па скайпу. Сведкам на судзе Дзмітрыя быў участковы Партызанскага РУУС Карпенка Дзмітрый Аляксеевіч (прынамсі, ён так сказаў), які, маўляў, бачыў, як затрымлівалі Дзмітрыева. Праўда, пры гэтым не мог сказаць, у што той быў апрануты і якая форма была ў тых, хто затрымліваў.

— Суд нават выдаліўся для прыняцця рашэння на цэлых 4 хвіліны. Але ў выніку я атрымаў 6 сутак па арт. 23.34 і 4 — па арт. 23.4. Хаця тое, што суд выдаляўся для прыняцця рашэння, можна лічыць, што мяне прызналі невінаватым, — смяецца Дзмітрый. — Пасля ўсе прысуды выносіліся на месцы. Абсалютна рандомна, каму 10, каму 15, каму 13 сутак.

Тое ж самае, па словах Дзмітрыя, адбывалася і ў іншыя дні. Нейкі час ён сядзеў у камеры, насупраць якой стаяў стол, дзе і праходзіў суд па скайпе.

Допыты і размовы

Паміж інтэлектуальнымі размовамі, гульнямі ў нарды і крэатыўнымі канцэптамі было ў Дзмітрыева і яшчэ тое-сёе.

Напрыклад, допыт прадстаўніка, як лічыць Дзмітрыеў, ГУБАЗіК (хаця ён казаў, што прадстаўнік крымінальнага вышуку). Прадстаўнік спрабаваў высветліць, навошта Дзіма пайшоў на марш. А Дзіма спрабаваў растлумачыць, што гэта яго праца.

«Яшчэ пойдзеш?» — пытаўся «прадстаўнік». «Канечне пайду, гэта мая праца», — адказваў журналіст.

Была і яшчэ адна цікавая размова з падпалкоўнікам КДБ. Які апытваў Дзмітрыя ў якасці сведкі па справе аб пагрозах намесніку начальніка, начальніку міліцыі грамадскай бяспекі Савецкага РУУС Віктару Станіслаўчыку.

Як кажа Дзмітрый, задаваліся абсалютна нелагічныя пытанні аднасна пагроз Станіслаўчыку. А напрыканцы падпалкоўнік запытаўся: «А вы за ці супраць улады?».

— Я адказаў, што не за і не супраць. Я за тое, каб у нашай краіне выконваўся закон. І калі ваш Лукашэнка пераможа па законе, я гэта прыму.

І гэта праўда. Больш за ўсё я хачу, каб у нас нарэшце працавалі і выконваліся законы. У 1995 годзе я прыйшоў працаваць у міліцыю якраз для гэтага. Тады міністрам МУС быў яшчэ Юры Захаранка. А сышоў з міліцыі, дарэчы, з таго ж Савецкага РУУС не даслужыўшы тры гады да пенсіі, бо больш не змог глядзець на тое, што адбываецца ў структуры, як усё часцей закон проста ігнараваўся, як лаяльнасць перамагае прафесіяналізм.

А сёння закон не проста не працуе. Яго няма, ёсць беззаконне і беспакаранасць тых, хто зараз затрымлівае, збівае і забівае. Той гвалт, які мы бачым на вуліцах, — гэта, з аднаго боку, сведчанне іх страху. Чым больш страху — тым мацней гвалт. А з другога — поўнай беспакаранасці. Бо закон не працуе. Яго няма цяпер у Беларусі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!