268

Электронны бюлетэнь "СМІ ў Беларусі", №3, 2020. CМІ падчас выбараў і ў поствыбарчы перыяд

19.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Выбары прэзідэнта Беларусі былі прызначаныя 8 траўня і скончыліся 9 жніўня 2020 года. Пасля абвяшчэння Цэнтрвыбаркамам іх афіцыйных вынікаў у краіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту, якія жорстка ўціскаліся сілавымі структурамі. За першыя тры дні былі затрыманыя больш за 7 тысячаў чалавек. Шмат хто з іх пацярпеў ад жорсткіх і прыніжальных годнасць дзеянняў з боку праваахоўных органаў. Гэта выклікала новую хвалю пратэстаў, якая працягваецца ўжо каля 3 месяцаў. Дэманстранты патрабуюць правядзення новых выбараў, вызвалення палітзняволеных, спынення гвалту і пакарання асобаў, якія былі вінаватыя ў яго застасаванні.

Падчас выбарчай кампаніі і ў поствыбарчы перыяд улады рэзка ўзмацнілі ціск на СМІ, журналістаў і блогераў. Калі з пачатку года да 8 траўня, дня прызначэння выбараў, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зафіксавала 23 парушэнні правоў журналістаў, то пасля гэтага – ужо больш за 400 (паводле стану на 25 кастрычніка 2020 г.). Абсалютная большасць нападаў на журналістаў прыйшлася на поствыбарчы перыяд. Агрэсарамі практычна заўсёды выступалі прадстаўнікі сілавых структураў.

Затрыманні і арышты журналістаў часцяком суправаджаліся застасаваннем гвалту, пашкоджаннем і адбіраннем прафесійнай тэхнікі, выдаленнем адзнятых матэрыялаў. Тры журналісткі былі параненыя гумовымі кулямі падчас ажыццяўлення сваіх прафесійных абавязкаў.

Іншымі сур'ёзнымі парушэннямі свабоды выказвання думкі, звязанымі з выбарчай кампаніяй і наступнымі пратэстамі, былі:

  • блакаванне ў Беларусі інтэрнэту ў першыя дні пасля выбараў і пастаянныя абмежаванні інтэрнэту падчас масавых акцыяў пратэсту;

  • абмежаванне доступу да сайтаў, якія асвятляюць палітычную сітуацыю, негалосная забарона на друк і распаўсюд чатырох недзяржаўных газетаў;

  • дзеянні Міністэрства інфармацыі па пазбаўленні статусу СМІ найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-парталу TUT.by;

  • прызнанне папулярнага Telegram-каналу і лагатыпу NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі;

  • адмовы ў акрэдытацыі замежным карэспандэнтам, якія прыбылі на выбары, пазбаўленне акрэдытацыяў усіх карэспандэнтаў замежных СМІ, якія мелі яе раней.

 

Затрыманні і арышты журналістаў. Гвалт у дачыненні да журналістаў

З найбольш грубымі парушэннямі сваіх правоў журналісты і масмедыі сутыкнуліся ў поствыбарчы перыяд, калі журналісты асвятлялі акцыі пратэсту. З 09.08.2020 года па 25.10.2020 года ГА «БАЖ» зафіксаваў больш за 300 затрыманняў журналістаў за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў. У 57 выпадках журналісты адзначалі факты прымянення гвалту ў стасунку да іх падчас затрымання, а таксама катаванняў у зняволенні. Геаграфія затрыманняў ахоплівае як Мінск, гэтак і практычна ўсе рэгіёны Беларусі.

У Мінску былі зафіксаваныя як мінімум 3 выпадкі прымянення агнястрэльнай зброі ў дачыненні да журналістак падчас іх працы на акцыях пратэсту, у выніку чаго імі былі атрыманыя раненні, у тым ліку такія, што запатрабавалі працяглага лячэння ў шпіталі.

9 жніўня карэспандэнтка нідэрландскага медыя nrc.nl Эмілі ван Оўтэрэн (Emilie van Outeren) пацярпела падчас асвятлення акцыяў пратэсту – яна атрымала раненне невядомым снарадам у сцягно. 10 жніўня журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская была параненая гумовай куляй, калі адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў спыніўся ў 10 метрах ад групы журналістаў у сініх камізэльках «Прэса» і стрэліў журналісцы ў нагу. Лячэнне трывала больш за месяц. 11 жніўня журналістка Ірына Арахоўская атрымала раненне ад гумовай кулі падчас працы ў раёне станцыі метро «Пушкінская».

Шмат у якіх выпадках міліцыя мэтанакіравана пераследавала журналістаў. Гэтак, 27 жніўня ў Мінску і Брэсце супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі не менш за 47 журналістаў, у тым ліку замежных, і прывезлі іх у раённыя аддзяленні міліцыі. Міліцыянты знішчалі матэрыялы здымак, пагражаючы пашкоджаннем або знішчэннем прафесійнай тэхнікі журналістаў.

1 верасня міліцыя затрымала шасцёх рэпарцёраў TUT.by, БелаПАН і  газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі». Журналісты выконвалі свае прафесійныя абавязкі, былі ў камізэльках з надпісам «Прэса», з бэйджамі і службовымі пасведчаннямі, прадстаўлялі зарэгістраваныя ў краіне СМІ — і тым не менш былі абвінавачаныя ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі і змешчаныя пад варту, дзе правялі ноч да суду. На працягу наступнага дня суды двойчы вярталі пратаколы ў дачыненні да журналістаў на дапрацоўку ў міліцыю, але затрыманыя рэпарцёры на волю так і не выйшлі. Іх адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля суд усё ж прызнаў іх вінаватымі і пакараў 3 суткамі арышту, якія яны на той час ужо адбылі.

Адміністрацыйны арышт тэрмінам ад 3 да 15 сутак у якасці пакарання ў дачыненні да журналістаў абіраўся судамі ў поствыбарчы перыяд 48 разоў. Практычна ўсе судовыя пастановы выносіліся на падставе сведкавых сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі, дадзеныя пра якіх часта былі засакрэчаныя, а твары схаваныя. Іх сведчанні часцяком супярэчылі нададзеным дакументам пра статус журналіста, відэаматэрыялам, сведчанням відавочцаў.

23-гадовая журналістка Аліна Доўнар правяла за кратамі 30 содняў: пасля сканчэння тэрміну першага 15-дзённага арышту яе пакаралі яшчэ адным 15-дзённым тэрмінам адміністрацыйнага арышту.

Абмежаванні дзейнасці ў Інтэрнэце

З 9 па 12 жніўня ў Беларусі быў практычна заблакаваны інтэрнэт. Праблемы з доступам да сеціва працягваліся да канца кастрычніка: кожную нядзелю падчас масавых акцыяў аператары мабільнай сувязі ў Беларусі спыняюць на некалькі гадзінаў надаванне паслуг па выкарыстанні мабільнага інтэрнэту «паводле патрабавання ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў».

З пачатку жніўня большасць сайтаў, якія незалежна асвятлялі сацыяльна-палітычнае становішча ў краіне, былі заблакаваныя ў абыход прававой працэдуры. Гэтак, сайт ГА «БАЖ» быў недасяжны для карыстальнікаў у Беларусі з 9 па 27 жніўня, нягледзячы на адсутнасць прававога рашэння пра абмежавання доступу да яго.

21 і 28 жніўня сталася вядома, што Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне пра абмежаванне доступу да больш як 70 інтэрнэт-рэсурсаў, якія «утрымлівалі заклікі і выкарыстоўваліся для каардынацыі дзейнасці па арганізацыі масавага непадпарадкавання прадстаўнікам улады», а таксама за «шэраг артыкулаў, якія адмоўна характарызавалі становішча ў Беларусі пасля заканчэння электаральнай кампаніі і дыскрэдытавалі дзейнасць дзяржаўных органаў, у тым ліку праваахоўных органаў».

18 верасня Міністэрства інфармацыі звярнулася ў Гаспадарчы суд з позвай пра пазбаўленне статусу СМІ найбуйнейшага беларускага парталу TUT.by. Падставай для гэтага Мінінфарм назваў вынясенне чатырох папярэджанняў у сувязі з парушэннем рэдакцыяй Закона аб СМІ. Папярэджанні былі вынесеныя самім Міністэрствам інфармацыі. Пры гэтым судом не былі выяўленыя факты парушэння выданнем заканадаўства, а тэрмін абскарджвання трох папярэджанняў да звяртання ведамства ў суд яшчэ не мінуў. 29 верасня, не чакаючы судовага рашэння, міністр інфармацыі Ігар Луцкі выдаў загад пра прыпыненне выпуску сеткавага выдання TUT.by з 1 кастрычніка 2020 года па 30 снежня 2020 года. Гэта не азначае абмежавання доступу да інтэрнэт-парталу, але пазбаўляе карэспандэнтаў рэдакцыі журналісцкага статусу, што ўскладняе іх дзейнасць.

20 кастрычніка 2020 года суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес рашэнне пра прызнанне папулярнага  Telegram-каналу NEXTA-Live і лагатыпу NEXTA экстэмісцкімі матэрыяламі. Згода рашэнню суда, матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў гэтым канале, утрымліваюць заклікі да масавых беспарадкаў. NEXTA — незалежны навінавы рэсурс, які набыў папулярнасць пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ён распаўсюджвае матэрыялы і паведамленні, звязаныя з пратэстамі.

Перашкоды друку і распаўсюду незалежных газетаў

З канца жніўня па надуманых нагодах дзяржаўныя друкарні адмаўляюцца друкаваць недзяржаўныя газеты «Народная воля», «Камсамольская праўда ў Беларусі», «Свабодныя навіны плюс», «БелГазета».

«Народная воля» і «Камсамольская праўда ў Беларусі» пачалі друкаваць свае наклады за межамі Беларусі. Аднак дзяржаўныя сеткі «Белпошта» і «Белсаюздрук», якія фактычна з'яўляюцца манапалістамі ў галіне распаўсюду газетаў па падпісцы і ў розніцу, адмаўляюцца па розных прычынах распаўсюджваць гэтыя выданні, нягледзячы на складзеныя дамовы.

Перашкоды дзейнасці карэспандэнтаў замежных СМІ

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў не менш як 100 журналістаў замежных СМІ, якія звярнуліся па акрэдытацыю ў Міністэрства замежных спраў, не атрымалі адказу ў вызначаны законам тэрмін на падставе таго, што камісія МЗС па акрэдытацыі не можа правесці паседжанне з-за COVID-19. У выніку карэспандэнты так і не атрымалі акрэдытацыяў і не змаглі працаваць легальна.

У жніўні не менш як пяцідзесяці замежным журналістам быў забаронены ўезд у Беларусь. Гэтак, паводле афіцыйнага паведамлення Памежнага камітэта толькі 18 жніўня ў пункце пропуску «Нацыянальны аэрапорт «Мінск» было адмоўлена ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь 17 прадстаўнікам замежных СМІ «з прычыны адсутнасці акрэдытацыі для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці на тэрыторыі нашай краіны». Некаторыя з замежных карэспандэнтаў, якія працавалі ў краіне без акрэдытацыі, былі затрыманыя і пасля дэпартаваныя з забаронай на ўезд у Беларусь на працягу некалькіх год.

29 жніўня Міністэрства замежных спраў пазбавіла акрэдытацыі як мінімум 19 замежных карэспандэнтаў (на гэты раз COVID-19 перашкодай не стаў). Былі пазбаўленыя права ажыццяўляць прафесійную дзейнасць у краіне журналісты тэлеканала ARD (3 асобы), Associated Press (2 асобы), BBC (2 асобы), «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода» (РСЕ/РС) (4 асобы), Reuters (2 асобы), AFP (2 асобы), RFi (1 асоба). Усе журналісты, пазбаўленыя акрэдытацыі, якія маюць грамадзянства іншых дзяржаў, былі вытураныя з Беларусі.  

А 2 кастрычніка МЗС наогул адмяніў акрэдытацыю для ўсіх журналістаў замежных СМІ. Ён патлумачыў гэта распрацоўкай новага Палажэння аб акрэдытацыі.

Інфармацыя пра сітуацыю з правамі чалавека (у тым ліку са свабодай выказвання думкі) у поствыбарчы перыяд прадстаўленая таксама ў сумеснай справаздачы праваабарончых арганізацыяў «Беларусь пасля выбараў».

 

---

Крыніцы інфармацыі да фактаў, згаданых у бюдетэні:

https://baj.by/be/analytics/belarus-posle-vyborov-doklad-belorusskih-pravozashchitnyh-organizaciy-o-situacii-s-pravami

https://baj.by/sites/default/files/analytics/files/2020/2020_elections_tortures_en.pdf

https://baj.by/sites/default/files/analytics/files/2020/2020_elections_tortures_ru.pdf

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!