267

Камізэлька PRESS не абараняе, цяпер гэта мішэнь. Як працаваць журналісту ва ўмовах прававога дэфолту

19.11.2020 Крыніца: Зоя Хруцкая для BAJ.BY

Цягам некалькіх месяцаў беларускія журналісты вымушаныя працаваць у абсалютна новых неспрыяльных умовах. Рэгіянальныя журналісты ў межах кампаніі «За права на інфармацыю» зладзілі сустрэчу з юрыстам юрагенцтва Сяргея Зікрацкага Аленай Лысаковай. Прапануем вам канспект размовы.

 Задержание журналистов в Минске

  • Цяпер статус журналіста не абараняе чалавека, які працуе на масавых мерапрыемствах. А камізэлька з надпісам PRESS, наадварот, прыцягвае ўвагу, а часам нават становіцца мішэнню. І калі сілавікі маюць распараджэнне затрымліваць журналістаў, то камізэлькі і бэджы дапамагаюць хутка знайсці і затрымаць карэспандэнтаў. Сілавікі не зацікаўленыя ў тым, каб на фота і відэа былі зафіксаваныя моманты гвалту ў адносінах да ўдзельнікаў акцыі.

  • У цяперашняй сітуацыі ў Беларусі не варта спадзявацца на закон. Калі збіраецеся працаваць на акцыі, апранайцеся так, каб у гэтым было зручна правесці ў ізалятары часовага ўтрымання некалькі сутак ці ноч.

  • Нават калі ў журналіста ёсць дамова з адвакатам, абаронцу могуць не дапусціць, спасылаючыся на эпідэмію каронавіруса.

    Навошта ў такой сітуацыі наогул адвакат? Калі адваката ўсё ж дапусцяць, ён можа дамагчыся таго, каб падчас суда справа разглядалася з выкананнем законных патрабаванняў. Бывала, што юрысты дамагаліся, каб справу адправілі на дапрацоўку. Цяпер многія юрысты працуюць хутчэй на перспектыву.

  • Запрасіць адваката прадстаўляць інтарэсы затрыманага чалавека ў судзе можа любы іншы чалавек. Напрыклад, журналіста затрымалі. Яго калега або сваяк можа заключыць дамову з адвакатам, каб затрыманы меў абарону.

  • Некаторыя мяркуюць, што непраўдзівыя пратаколы не варта падпісваць. Але гэта ніяк не дапаможа справе. Суддзя можа заўважыць, што вы не ўнеслі свае заўвагі ў пратакол, калі мелі такую магчымасць. Таму рабіце па-іншаму: пішыце, што з пратаколам не згодныя і пералічыце ўсе свае заўвагі.

  • Ці законныя патрабаванні аддаць карты памяці, разблакаваць тэлефон або распрануцца дагала для асабістага догляду? Працэдура асабістага догляду існуе, але для гэтага патрэбныя падставы. Пасля затрымання на акцыях гэтае патрабаванне могуць агучыць з мэтай псіхалагічнага ціску.

    Разблакіроўваць тэлефон чалавек не абавязаны, гэтае дзеянне можна прыраўняць да сведчанняў супраць самога сябе. А па законе да гэтага нельга прымушаць. Таму затрыманы можа адмовіцца даваць доступ да змесціва смартфона.

    Патрабаванне выдаліць здымкі з карты памяці не трапляе ні пад якія існуючыя працэсуальныя дзеянні, таму выконваць гэта вы не абавязаныя.

  • Калі вы лічыце, што патрабаванні супрацоўніка ў форме незаконныя, то і выконваць іх неабавязкова. Калі вам скажуць, што адмова выконваць патрабаванні з’яўляецца непадпарадкаваннем, патрэбна даказаць, што патрабаванні не з’былі законнымі. Але заўсёды варта ацаніць, чым вам можа пагражаць адмова, і ці варта на гэта ісці.

  • Пашпарт і рэдакцыйнае пасведчанне заўсёды насіце з сабой. Копія пашпарта не з’яўляецца дакументам, які пацвярджае асобу.

  • Ці "замазваць" у матэрыялах твары ўдзельнікаў акцыі — справа і выбар рэдакцыі. Людзі, якія ідуць на пратэсты, павінны разумець, якія наступствы могуць быць. У грамадскім месцы журналісты маюць права здымаць без перашкодаў. І не яны будуць вінаватыя, калі з-за іх фота будуць заведзеныя справы на ўдзельнікаў пратэстаў.

  • Да ператрусаў рыхтуйцеся загадзя.

    Не трымайце ў рэдакцыі і дома небяспечныя рэчы. Выконвайце правілы лічбавай бяспекі. Падчас самога ператрусу не дазваляйце супрацоўнікам разбягацца па пакоях, працэдура мусіць адбывацца паступова, кожны пакой аглядаецца па чарзе.

  • Закон дазваляе запрасіць ў міліцыю або суд не толькі па позве пад роспіс. СМС-паведамленне на ваш тэлефон можа таксама лічыцца запрашэннем на працэс.

  • У сітуацыі прававога дэфолту, калі законы не працуюць, немагчыма даць рэцэпт, як цалкам абараніць сябе. Фіксуйце ўсе парушэнні, калі сітуацыя зменіцца, за іх вінаватым давядзецца несці адказнасць. Магчыма, пацярпелыя змогуць нават дабіцца кампенсацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!