258

Лукашэнка падпісаў «антыэкстрэмісцкія» зьмены ў Крымінальны кодэкс

08.06.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Закон «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці» 8 чэрвеня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Большая частка зьменаў набудзе моц празь дзесяць дзён.

У прыватнасьці, уводзіцца крымінальная адказнасьць:

  • за наўмысную перадачу інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак іншай асобы безь яе згоды;

  • у дачыненьні да ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеціўнага выданьня, за распаўсюд забароненай інфармацыі цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такое ж парушэньне;

  • удзел у экстрэмісцкім фармаваньні і садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці;

  • парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў асобай, якая цягам году пасьля накладаньня двух адміністрацыйных спагнаньняў зноў парушыла закон;

  • невыкананьне рашэньня аб прызнаньні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненьні яе дзейнасці;

  • кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая ня мае права кіраваньня, паўторна цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня;

  • падатковае махлярства.

Узмацняецца крымінальная адказнасьць:

  • за паклёп, заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;

  • наўмысныя несанкцыянаванае капіяваньне, перахоп кампутарнай інфармацыі або іншае неправамернае завалоданьне зьвесткамі;

  • супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананьні імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку;

  • гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў ці яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасьці;

  • гвалт, зьнішчэньне і пашкоджаньне маёмасьці ў дачыненьні да службовай асобы і яе блізкіх — супрацоўніка праваахоўных органаў, судзьдзі, народнага засядацеля;

  • дэманстрацыю нацысцкай сымболікі;

  • рэабілітацыю нацызму.

Пад крымінальны перасьлед таксама можна трапіць за шэраг іншых правапарушэньняў:

  • абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў;

  • публічныя заклікі да арганізацыі або правядзеньня сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі, пікетаваньня альбо ўцягваньне ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах, калі іх правядзеньне пацягнула празь неасцярожнасьць гібель людзей;

  • прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджаньня асобе або прычыненьне шкоды ў буйным памеры;

  • зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў;

  • дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

  • наўмыснае блякаваньне транспартных камунікацый;

  • ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў, што пацягнула шкоду ў буйным памеры.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!